Валчок Ніканор Піліпавіч (Волчёк Никонор Филиппович)
Гродзенская вобласць, Карэлічскі раён, вёска Валокі
Бяссонніца робіць ноч даволі доўгай. Асабліва калі ўспамінаюцца жахі другой сусветнай вайны.
Усё часцей згадвае сваіх баявых сяброў і перажытае мой прадзед – Ніканор Піліпавіч, які ў 1944 г. быў мабілізаваны на фронт. Напачатку быў стралком, затым – артылерыстам. У складзе 1229 гаўбічнага асобнага палка прымаў удзел у ваенных дзеяннях у складзе і беларускага фронта. Здарылася рознае і смерць сапраўды неаднойчы заглядвала ў вочы. Бо толькі тым, хто знаходзіўся на перадавой, вядома, што такое быць артылерыстам на галоўным напрамку.
— На фронце быў наводчыкам 122-мм гаўбіцы. Звычайна на агнявым працдарме падпускалі праціўніка толькі за 800 метраў, – успамінаў ветэран вялікай айчыннай вайны Ніканор Піліпавіч, – а тут склалася цяжкае становішча. У наступленне шырокім фронтам пайшлі нямецкія «Тыгры». Гэтыя танкі праціўніка нават нашы снарады не бралі (калі ў лоб не прабівалі браню). Атрымалі загад: каб кожны падвязаў па чатыры гранаты і не здавацца ў палон. Камандзір гарматы Міхаіл Бурдалей стаў падпускаць варожыя танкі да 500 метраў, а затым сам жа пачаў раструшчваць на іх гусеніцы. Наступленне праціўніка было спынена. А паслязаўтра ўсёй нашай батарэі ўручалі медалі «За адвагу».
Падчас наступлення на Варшаву давялося яму пабачыць маршала Г. К. Жукава, які цікавіўся абстаноўкай сярод салдат. А вось 1 студзеня 1945 г. надоўга запомніцца, бо ў тры гадзіны ночы іх полк вёў артпадрыхтоўку. 30 бронебойных снарадаў за кароткі прамежак часу было выпушчана з іх гарматы на галовы фашысцкіх захопнікаў.
Здавалася б, на вайне як на вайне, магчыма ўсякае, але нельга было грэбаваць дысцыплінай і да мірнага насельніцтва неабходна было ставіцца паважліва. І згадаў прадзед яшчэ адзін эпізод вайны, які адбыўся таксама ў Польшчы.
— Вырашылі спыніцца на адпачынак. Некалькі чалавек, у тым ліку і я, узялі па 4 ражкі патронаў і пайшлі ў разведку. З вялікага дома насустрач нам выйшла жанчына і загаварыла з намі па-польску. Я добра разумеў гаворку і пераклаў яе размову для астатніх. А яе дачка выскачыла з хаты і кінулася наўцёкі. Яе затрымалі, а камандзір наш даволі слушна заўважыў дзяўчыне:
«Гэта ідуць не грабіцелі, а вызваліцелі. Таму ніколі не ўцякай».
І сапраўды, у нашым палку ніколі не было кепскага стаўлення да мірнага насельніцтва, у якой бы краіне мы не былі. Тады гаспадыня прапанавала нам ежу.
А вось тое, што застаўся жывы, лічыць, што так наканавана лёсам, і шчыра верыць у ахоўную сілу нацельнага крыжыка, які яму падарыў бацька.